В.Дж. Конэн – Нараджэньне джаза. Частка 6. Музычна-выразная сыстэма рэгтайму й ейная мастацкая сутнасьць
Дадаў: Міхась
Праглядаў: 58
Да 1909 году тыраж "Кляновага ліста" дасягнуў паўмільёна. Ужо адна гэтая лічба красамоўна кажа пра грандыёзны маштаб распаўсюду рэгтайму ў першае дзесяцігодзьдзе XX стагодзьдзя й, адпаведна, пра сілу ягонага ўзьдзеяньня на музычную псыхалёгію амэрыканцаў. Гэтае ўзьдзеяньне было інтэнсіўным, шырокім, усёабдымным і за легкажанравай музыкай ЗША ў цэлым замацавалася ў тыя гады адзіная абагульняючая назва - "рэгтайм".
Тым часам пасьля "Кляновага ліста" разьвіцьцё рэгтайму ішло па розных рэчышчах. Так, паралельна "клясычнаму" віду разьвіваўся варыянт, умоўна названы "народным" ("folk rag"). Ён паўстаў як папярэднік адкрышталізавалага джапленаўскага стылю й для яго характэрны хаатычныя, вольныя формы выразу. Зь іншага боку, Тын Пэн Эльлі выкінуў на рынак сваю камэрцыйную разнавіднасьць рэгтайму, які паразітаваў на арыгінале й спрашчаў ягонае аблічча. Далей, мы згадвалі вышэй пра выйсьце рэгтайму за межы першапачатковай фартэпіяннай сфэры, у вобласьць іншых тэмбравых камбінацыяў. Нарэшце, калі казаць пра папулярнасьць, то ўсе інструмэнтальныя віды былі перасягнуты песьнямі ў духу рэгтайму – рэг сонгс, - якія літаральна апанавалі салёны й эстрады. Здавалася б, у падобнай сытуацыі цяжка вылучыць якую-небудзь адну суцэльную мастацкую сыстэму. І тым ня менш такі падыход заканамерны, паколькі пры аналізе музычна-выразных сродкаў рэгтайму мы павінны абапірацца на ягоную "клясычную" разнавіднасьць. Вырашальным пры гэтым адборы зьяўляецца ня гэтулькі велізарная распаўсюджанасьць джапленаўскіх опусаў, колькі іхняе глыбокае й устойлівае ўзьдзеяньне на ўсе адгалінаваньні новай музыкі Амэрыкі. Пры ўсёй шматстатнасьці й стракатасьці, характарызавалых агульную панараму лёгкай музыкі ЗША напярэдадні І сусьветнае вайны, галоўныя рысы стылю, распрацаваныя Джапленам, заставаліся для яе асноватворнымі.
